У ПАЦЁМКІНСКІМ ПАЛАЦЫ ЁСЦЬ ПРЫТУЛАК ДЛЯ МАСТАЦТВА

Горад Крычаў з’яўляецца выдатным асяродкам для правядзення творчых выстаў. Праўда, не кожны сталічны мастак ведае, што Крычаўскі гістарычны музей месціцца ў помніку архітэктуры, былым палацы Р.Пацёмкіна, які з 1772 года быў гаспадаром гэтага маляўнічага горада на Сожы. У цудоўных экспазіцыйных магчымасцях крычаўскіх музейных памяшканняў пераканаліся мастакі з Узды і Мінска А.Лычкоўскі, Ф.Ладуцька і Я.Шунейка. Ёсць у мастацтве свае заканамернасці: чым больш дагледжаныя і прыстасаваныя да выставовай дзейнасці вялікая зала ці нават адносна невялічкі пакой, тым больш праяўляецца эстэтычная выразнасць і вобразная сутнасць мастацкіх твораў там размешчаных. Яшчэ адна вялікая перавага экспазіцыйных вандровак заключаецца ў тым, што выставы ў раённых цэнтрах дазваляюць аўтарам экспанаваць шмат сваіх твораў і асэнсоўваць уласныя творчыя здабыткі без абмежаванняў, убачыць адносіны да сваіх мастацкіх пошукаў шчырых і зацікаўленых гледачоў. Таму на выстаўцы было прадстаўлена больш як 40 твораў у жывапісе, графіцы і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, што дае магчымасць казаць пра смелыя творчыя пошукі і знаходкі іх аўтараў. Галоўны ініцыятар і арганізатар такіх перасоўных выстаў- уздзенскі жывапісец і педагог А.Лычкоўскі вялікую ўвагу надае працы на плэнэрах на працягу ўсяго году. Ён працягвае традыцыі эксперыментальнага экспрэсіўнага жывапісу канца ХІХ – пачатку ХХ стст., калі эмацыянальна насычаныя творы нараджаліся ў творчым парыве за лічаныя гадзіны. У сваіх яскравых краявідах, створаных пераважна на Уздзеншчыне, (“Раніца на Немане”, “Неман каля вескі Яршы”) мастак дасягае моцнага жывапіснага ўздзеяння, што называецца, запальвае колеры на палатне, перадае жыццёвы пульс прыроды. Такі творчы метад, несумненна, вядзе творцу да вялікіх жывапісных даляглядаў. Ф.Ладуцка жыве і працуе ў Мінску, але яго сапраўднай творчай стыхіяй з’яўляецца даследванне розных прыродных станаў у пазагарадской прасторы. Самымі любімымі матывамі мастака, якія ён стварае пры дапамозе пастэльных сродкаў адлюстравання, з’яўляюцца азёрныя люстэркі Віцебшчыны, ціхія і некранутыя урбанізацыяй закуткі Міншчыны на берагах быстрацечных рэчак, такіх як Пціч, Уса і інш. Майстар надае кожнаму абранаму матыву шматзначны сімвалічны характар (“Ціхая плынь”, “Возера Мша”). Ён не столькі перадае дэталёвыя абрысы дрэў ці дакладны рэльеф той ці іншай мясцовасці, колькі стварае прыродныя імправізацыі, дзе на першы план выступаюць рытмы арганічнага свету, яго колеравыя абагульненні і нават сваеасаблівыя лірычна-музычныя настроі. Свабода і непасрэднасць выканання таксама не могуць не ўражваць у яго шматлікіх пейзажных кампазіцыях.
Вобразы беларускай зямлі былі дапоўнены на выставе гістарычнымі сюжэтамі полацкай і крычаўскай даўніны, тэматыкай этнаграфічных даследаванняў Падняпроў’я і Палесся і інш. Як адзначыў дырэктар музея Вадзім Рыськоў, вельмі рэдка сталічныя мастакі наведваюць Крычаў. Таму гэта выстава стала добрым прыкладам для іншых творцаў, якія чакаюць шырокага грамадскага прызнання і мараць пра магчымасць паказаць свае працы ў дастойным музейным асяродку. Выстава, якая адчынілася 6 красавіка, будзе працаваць у Крычаве да сярэдзіны мая. Яе могуць наведаць не толькі крычаўскія аматары сучаснага мастацтва, але і шматлікія айчынныя і замежныя турысты, якія ўключылі Крычаў у свае культурныя маршруты.

Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў