Дзяржаўная ўстанова культуры «Гістарычны музей г. Крычава»

Музей заснаваны 30 снежня 1959 г. рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта працоўных на базе матэрыялаў, сабраных краязнаўцам М.Ф. Мельнікавым, адкрыты для наведвальнікаў 15 кастрычніка 1961 г. 16 лютага 2008 г. музей размясціўся ў новым будынку — помніку архітэктуры XVIII ст. — палацы Пацёмкіна. Галоўнай мэтай экспазіцыі з'яўляецца ўзнаўленне музейнымі сродкамі розных падзей з жыцця края ў мінулыя гістарычныя эпохі на аснове стварэння шэрагу навуковых рэканструкцый інтэр'ераў у стылі XIX ст., якія з'яўляюцца часткай прасторы канкрэтнага помніка архітэктуры. Гістарычныя рэканструкцыі прадстаўлены наступнымі інтэр'ернымі заламі: «Гісторыя палаца» — інтэр'ерная зала ў стылі «зімовага саду» з тэматычнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі палаца; «Пакой упраўляючага маёнткам», «Буфетная», «Сталовая», «Канапная», «Будуар», «Дзявочая» — інтэр'ерныя залы; «Кабінет-бібліятэка» — тэматычная экспазіцыя па гісторыі Крычаўскага графства і г. Крычава ў 1772 г. — пач. XX ст. з элементамі інтэр'ера XVIII — XIX стст.; «Рыцарская зала» — тэматычная экспазіцыя па гісторыі Крычаўшчыны са старажытнасці да 1772 г. з элементамі інтэр'ера XVII — 1-й паловы XVIII ст.; «Парадная зала» — з асобнымі элементамі інтэр'ера, якія перадаюць агульны настрой бальнай залы эпохі Кацярыны II, выкарыстоўваецца і як канцэртна-лекцыённая зала. Агульная колькасць адзінак захавання — 18694 (2014).